РУ БЕ EN

Майстар-класы педагогаў дадатковай адукацыі Брэсцкай вобласці “Асаблівасці традыцыйнага дзіцячага фальклору Заходняга Палесся”

06.06.2023

6 чэрвеня 2023 года ў Цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста працавала творчая пляцоўка-прэзентацыя вопыту і майстэрства педагагічных работнікаў устаноў дадатковай адукацыі Брэсцкай вобласці.

Мерапрыемства адбывалася ў рамках тэматычнай праграмы V Адкрытых міжрэгіянальных майстар-класаў “Мастацкая рэканструкцыя і аднаўленне элементаў этнакультуры ў дзейнасці аб’яднанняў па інтарэсах фальклорнага і дэкаратыўна-прыкладнога накірункаў: вопыт і вынікі” і гарадскога метадычнага аб’яднання напрамку “дэкаратыўна-прыкладная творчасць”.

Праграма была насычанай. Адзінаццаць педагогаў дадатковай адукацыі вобласці прадставілі свой педагагічны вопыт па розным накірункам дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва:

      “Маляванка па шкле. Аздабленне сучаснага інтэр’еру ў традыцыйным стылі”, Чубарава Таццяна Іванаўна, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Акварыум”;

      “Мастацкі роспіс па тканіне “Кветкі Ганцаўшчыны”, Скурат Марына Уладзіміраўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Ганцавіцкі раённы цэнтр дзіцячай і юнацкай творчасці”;

 “Роспіс Велікоднага перніка”, Наплёха Таццяна Уладзіміраўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Высокае”;

 “Купальскі вяночак” (саломапляценне), Піваварава Юлія Віктараўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Кобрынскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”;

“Па матывам роспісу агоўскіх куфараў”, Ляжнюк Людміла Іванаўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Драгічынскі раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”;

“Керамічныя вырабы нашых продкаў. Бразготкі для немаўлятаў”, Абрамчык Ганна Уладзіміраўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста”;

“Выразанне з дрэва лыжкі дэкаратыўнай”, Горбік Алена Рыгораўна, намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Маларыцкі раённы Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”;

“Выраб саламянай кветкі”, Цвятоцкая Наталля Антонаўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Іванаўскі раённы цэнтр дзіцячай творчасці”;

“Ткацтва на ніту”, Алешка Любоў Мікалаеўна, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Пінскага раёна;

“Пісанкі”, Кашалюк Валянціна Іванаўна, педагог дадатковай адукацыі УА “Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці”;

“Выразныя прыёмы пляцення традыцыйных беларускіх цацак з саломкі ў вырабе сувеніраў у нацыянальным стылі”, Коваль Ірына Міхайлаўна, народны майстар, педагог дадатковай адукацыі ДУА “Жабінкаўскі раённы цэнтр творчасці для дзяцей і моладзі”.

Сярод удзельнікаў майстар-класаў былі педагогі дадатковай адукацыі, кіраўнікі ўзорных калектываў, народныя майстры, метадысты, загадчыкі аддзелаў, дырэктар і намеснікі дырэктароў устаноў дадатковай адукацыі горада Брэста і Брэсцкай вобласці. Таксама прыехалі педагогі з Гродна, Баранавіч, педагогі ДУА “Многапрофільны цэнтр дзяцей і моладзі г. Брэста” і ДУА “Цэнтр юных маракоў з флатыліяй г. Брэста”.

Майстар-класы прайшлі ў дабразычлівай атмасферы з творчым натхненнем, удзельнікі шмат карысных ведаў пачарпнулі ў майстроў, а тыя, у сваю чаргу, паказалі высокі ўзровень свайго майстэрства. Яны прадставілі асаблівасці дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Брэсцкага рэгіёна: кераміку, саломапляценне, дэкаратыўны роспіс і шмат іншага, што актуальна ў наш час, і выклікае інтарэс ў дзяцей, якія прыходяць на заняткі ва ўстановы дадатковай адукацыі.

Педагогі на аснове свайго вопыту прадэманстравалі традыцыйныя і сучасныя педагагічныя практыкі, якія могуць быць выкарыстаны ў адукацыйным працэсе. Гэта творчая інтэграцыя, праектная дзейнасць, удзел у конкурсах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, магчымасці персанальных выстаў адораных вучняў і выстаўкі аб’яднанняў, а таксама выкарыстанне элементаў традыцыйнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва ў паўсядзённым жыцці.

Вельмі цікавым быў майстар-клас “Маляванка па шкле. Аздабленне сучаснага інтэр’еру ў традыцыйным стылі”, які праводзіла кіраўнік узорнай студыі выяўленчага мастацтва “Акварыум” Чубарава Т.І. Яна прадставіла аўтэнтычныя маляванкі з вёсак Брэсцкага раёна пачатку і сярэдзіны ХХ стагоддзя, распавяла пра асаблівасці традыцыйных малюнкаў па шкле, пасля чаго удзельнікі майстар-класу зрабілі свае маляванкі у народным стылі, якія можна выкараставаць у сучасным інтэр’еры.

Не менш цікавым адбыўся майстар-клас Абрамчык Г.У., кіраўніка ўзорнай студыі “Крокі”, дзе з гліны выраблялі бразготкі для немаўлятаў.

На майстар-класе мастацкага роспісу па тканіне у педагога Скурат М.У. расквітнелі разнакаляровыя кветкі Ганцаўшчыны – дэкаратыўныя васількі, макі, рамонкі. Такую роспіс можна выкараставаць для аздаблення сучаснага адзення, сумак, вокладак на кнігі і шмат іншага.

Спадабалася ўдзельнікам распісваць велікодныя пернікі разам з Наплёхай Т.У., як гэта робяць у г. Высокае Брэсцкага раёна. Да чаго ж прыемны водар і асалодкія колеры! А падчас майстар-класа па роспісу пісанак і крапанак, педагог Кашалюк В.І. разам са сваімі навучэнкамі спявалі народныя песні, чым заахвоцілі спяваць усіх удзельнікаў.

На майстар-класе “Па матывам роспісу агоўскіх куфараў” у педагога Ляжнюк Л.І. педагогі па новаму адкрылі асаблівасці роспісу куфраў розных мясцовасцей Берасцейшчыны, паспрабавалі распісаць іх з гэтымі адметнасцямі.

На кожным майстар-класе было шмат цікавага і карыснага.

Напрыканцы ўсіх майстар-класаў была арганізавана выстава творчых работ удзельнікаў. Загадчык аддзела выяўленчага мастацтва і дэкаратыўна-прыкладной творчасці ДУА “Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста” Ніна Мікалаеўна Абрамчык адзначыла станоўчы вопыт правядзення такіх майстар-класаў. Былі выказаны ідэі працягваць майстар-класы па іншым актуальным накірункам народнай творчасці.

Віялетта Крыштофаўна Брыч, метадыст УА “Брэсцкі дзяржаўны абласны цэнтр маладзёжнай творчасці”, як арганізатар мерапрыемства, уручыла педагогам-майстрам дыпломы Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама.

 

ФОТАГАЛЕРЭЯ

Інфармацыю падрыхтавала метадыст Кудрашова А.Ф.