РУ БЕ EN

Роднай мове прысвячаем…

27.02.2023

З 20 па 26 лютага ў Беларусі адзначаецца Нядзеля Беларускай мовы. З гэтай нагоды Цэнтральная гарадская дзіцячая бібліятэка-філіял № 13 праводзіць шэраг мерапрыемстваў, прысвечаных гэтай падзее.

Прыгожа ўпісалася ў інтэр’ер бібліятэкі выстава юных мастакоў узорнай студыі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Крокі” “Роднай мове прысвячаем…”. У яе складзе тры творчых аб’яднанні, якія папулярызуюць народнае мастацтва.

Вучні аб’яднанняў “Крафт” (педагог Абрамчык Ганна Уладзіміраўна) і “Тэра” (педагог Дударава Лідзія Эдуардаўна) прадставілі свае творчыя здабыткі з гліны. Керамічнымі вырабамі і цацкамі заўсёды славілась Беларусь, таму педагогі на занятках заахвочваюць дзяцей да вывучэння народных традыцый і культуры нашай краіны і асабіста Берасцейшчыны.

Лялькі з залацістай саломкі, сюжэтныя кампазіцыі ў тэхніцы аплікацыі саломкай, куфэркі з інкрустацыяй і іншыя саламяныя вырабы прадстаілі вучні аб’яднання “Каласок”, якім кіруе Борсук Ганна Мікалаеўна.

Паміж творчымі работамі яны паклалі вершы беларускіх песняроў – Янкі Купалы і Якуба Коласа – з павагай да іх вялікіх слоў і роднай мовы.

О, край родны, край прыгожы!

Мілы кут маіх дзядоў!

Што мілей у свеце божым

Гэтых светлых берагоў,

Дзе бруяцца срэбрам рэчкі,

Дзе бары-лясы гудуць,

Дзе мядамі пахнуць грэчкі,

Нівы гутаркі вядуць;

Гэтых гмахаў безгранічных

Балатоў тваіх, азёр,

Дзе пад гоман хваль крынічных

Думкі думае прастор;

Дзе ўвосень плачуць лозы,

Дзе вясной лугі цвітуць,

Дзе шляхом старым бярозы

Адзначаюць гожа пуць?

Я. Колас. “Сымон-музыка”

Вучні аб’яднанняў узорнай студыі “Крокі” вельмі рады падзяліцца сваёй творчасцю з чытачамі дзіцячай бібліятэкі і ўдзельнікамі мерапрыемстваў.

Запрашаем і вас на выставу, якая дзейнічае з 18 лютага па 18 сакавіка 2023 года па адрэсе: набярэжная Ф.Скарыны, 32.

 

Фотогалерея: