РУ БЕ EN

Запрашаем на выставу “Край замкаў, край святынь”

05.04.2022

На выставе “Край замкаў, край святынь” прадстаўлены работы з аднайменнага мастацкага праекта навучэнцаў узорнай студыі выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Дэкор” ДУА “Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі г. Брэста”. На Рэспубліканскай выставе мастацкіх праектаў “КраЯвід” сярод калектываў са званнем “узорны”, “народны”, “заслужаны” ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі праект быў узнагароджаны дыпломам I ступені Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у намінацыі “Беларусь авангардная”. У гэтым навучальным годзе праект быў дапоўнены новымі работамі навучэнцаў і кіраўніка студыі Нілы Мікалаеўны Гарчанюк.

Вядучай тэмай праекта з'яўляецца архітэктурны пейзаж Беларусі. Для стварэння мастацкіх вобразаў дзеці звярнуліся як да самых вядомых цудаў Беларусі, так і да мала вядомых помнікаў малой радзімы.

Прыгажосць і сімвалічная выразнасць храмавага дойлідства адвечна адпавядалі беларускаму пейзажу. Сваю творчую задачу дойлід бачыў у стварэнні гармоніі высокага святла. Храм заўсёды вылучаецца і большай вышынёй і прыгажосцю сярод іншых будынкаў, заклікае чалавека да вечнага. Свет архітэктуры блізкі дзецям.

Нягледзячы на тое, што была дадзена агульная тэма, кожным вучнем абраны свой шлях яе рэалізацыі. Створана галерэя КраЯвідаў і прадстаўлена на суд гледачам. Палотны атрымаліся розныя – у адных элегічны настрой, у іншых – рамантыка. Інтэнсіўнасць рытмаў, гармонія колераў ствараюць цэласнае ўражанне. Простая прырода: палі, лугі, паласкі лясоў, велічныя будынкі і храмы праз погляд юных мастакоў ператварылася ў незвычайны твор. Ажыццявілася своеасаблівае духоўнае паломніцтва.

“У іншых краінах ёсць горы ў зяленай футры лясоў, мора стэпавых траў і проста сіняе мора. У нас гэта ўсё таксама ёсць, толькі што сабранае ў мініяцюры” – пісаў Уладзімір Караткевіч у сваёй кнізе “Зямля пад белымі крыламі”. Выставачны праект, які быў здзейснены ў юбілейны год вядомага беларускага класіка як найлепш адпавядае гэтым словам.

“Край замкаў, край святынь” – гэта адначасова выстава-пагружэнне, выстава-назіранне.

 

Запрашаем усіх аматараў і прыхільнікаў мастацтва зазірнуць на выставу.

 

Вернісаж адбудзецца 8 красавіка 2022 года (16.00) у выставачнай зале музея “Выратаваныя мастацкія каштоўнасці”.